У паліклініцы ў Баранавічах зачынілі пункт збору пратэрмінаваных лекаў

У паліклініцы ў Баранавічах зачынілі пункт збору пратэрмінаваных лекаў

У баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы 31 снежня зачынілі пункт прыёму пратэрмінаваных лекаў, піша intex-press.by. 

Кантэйнер пад іх стаяў у фае паліклінікі з лістапада 2019 года. Аднак 31 снежня скончыўся тэрмін арэнды плошчы пад кантэйнер паміж арганізацыяй "Прырода без фармацэўтычных адходаў", якая яго паставіла, і Баранавіцкім гарвыканкамам. Падаўжаць гэтую дамову баранавіцкія чыноўнікі адмовіліся без тлумачэння прычын. Эколагам давялося забраць кантэйнер.

Кіраўніца арганізацыі "Прырода без фармацэўтычных адходаў" Вікторыя Калач кажа, што хацела ўжо проста падарыць гэты кантэйнер паліклініцы, каб ён застаўся на звыклым месцы. Яна спрабавала звязацца з адміністрацыяй паліклінікі і чыноўнікамі гарвыканкама, але пакуль што выніку няма. 

Можна меркаваць, што чыноўнікі проста вырашылі падстрахавацца і не кантактаваць з грамадскай арганізацыяй. З ліпеня 2021-га ў Беларусі адбываецца "зачыстка" НДА, пад якую трапляюць у тым ліку і экалагічныя ініцыятывы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі