У Навагрудку адмовіліся называць вуліцу імем Барыса Кіта: "Немэтазгодна"

У Навагрудку адмовіліся называць вуліцу імем Барыса Кіта: "Немэтазгодна"

У Навагрудскім райвыканкаме палічылі немэтазгодным пераймяноўваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта. Такі адказ даў старшыня выканкаму Анатоль Маркевіч на петыцыю, якая сабрала амаль паўтысячы подпісаў, паведамляе Радыё "Свабода". Падпісанты прасілі пераназваць у гонар Кіта адну з цэнтральных вуліцаў — Савецкую. 

"Перайменаванне вуліцы цягне за сабой замену пашпартоў грамадзянаў, якія пражываюць на гэтай вуліцы, тэхнічных пашпартоў і іншых дакументаў, якія патрабуюць пэўных матэрыяльных выдаткаў", — гаворыцца ў адказе Маркевіча.

Чыноўнік падкрэслівае, што памяць пра славутага земляка ў Навагрудку заховаецца іншым чынам: Барыс Кіт названы ганаровым грамадзянінам горада, яго імя занесенае ў Кнігу славы Навагрудскага раёна, у школе № 1 ёсць яго музей, 19 гадоў запар праходзіць інтэлектуальны турнір яго імя.

Тым часам у Баранавічах пачаўся збор подпісаў за наданне тамтэйшаму ўніверсітэту імя Барыса Кіта. 

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года яго бацька перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Кіт скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазней — Навагрудскай гімназіі. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў.

Навуковец памёр 1 лютага 2018 года на 108-м годзе жыцця. Пахаваны ў нямецкім Вісбадэне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі