У МЗС Украіны абурыліся прыездам лідараў 6 краін у Маскву, Лукашэнку не згадалі

Уладзімір Пуцін і яго госці / kommersant.ru
Уладзімір Пуцін і яго госці / kommersant.ru

У МЗС Украіны абурыліся прыездам 9 траўня лідараў 6 краін на "Парад Перамогі" ў Маскву. У заяве згадваюцца прэм'ер-міністр Арменіі, прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. Пра Аляксандра Лукашэнку, які таксама прылятаў у Расію і хутка вярнуўся, згадкі няма. Ва Украіне, як і ў многіх краінах свету, яго не лічаць законна абраным кіраўніком дзяржавы.

Украінскае знешнепалітычнае ведамства нагадвае, што Уладзімір Пуцін "адшукваецца міжнародным правасуддзем за ўчыненне ваенных злачынстваў", у тым ліку за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і рэпрэсіі супраць жыхароў захопленых украінскіх тэрыторый. Госці прыляцелі да яго пасля чарговай расійскай ракетнай атакі на ўкраінскія гарады. І ім на парадзе паказалі расійскую вайсковую тэхніку, якая ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны.

"Разглядаем удзел лідэраў названых замежных дзяржаў у публічным мерапрыемстве разам з ваенным злачынцам, які фарсіць развязваннем вайны ў Еўропе ў маштабах, незнаных з часоў Другой сусветнай вайны, як амаральны і недружалюбны крок у дачыненні да Украіны, праяву пагарды да ўкраінскага народу, які змагаецца за сваё выжыванне і свабоду", — гаворыцца ў заяве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі