Вы тут

У Мінску зноў расце захворвальнасць на COVID-19

Брыгада хуткай дапамогі / БЕЛТА​

У Мінску зноў расце захворвальнасць на COVID-19, піша інфекцыяніст Мікіта Салавей. Такую выснову ён зрабіў з аглядкай на некалькі апошніх дзяжурстваў у сталічнай інфекцыйнай бальніцы.

"Усё большая колькасць пацыентаў, якія маюць клініку вострай рэспіраторнай інфекцыі (ліхаманка, кашаль, насмарк, болі ў горле, дыскамфорт у грудной клетцы, дыхавіца і г.д.), атрымліваюць пры абследаванні станоўчы вынік тэсту на SARS-CoV-2", — піша ён.

Пры гэтым частка з дастаўленых у бальніцу маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Даволі часта гэтыя пацыенты не маюць ніводнай прышчэпкі, затое маюць "абцяжарвальныя фактары рызыкі — хранічныя захворванні, залішнюю вагу, пажылы ўзрост, імунасупрэсію", адзначыў доктар.

Ён нагадвае, што варыянты каранавіруса амікрон лягчэй перадаюцца, чым раней выяўленыя тыпы SARS-CoV-2. У выніку адзін чалавек можа пры неспрыяльным збегу абставінаў інфікаваць да 18 іншых асобаў.

У сувязі з гэтым Мікіта Салавей заклікае ўспомніць пра меры прафілактыкі — насіць маскі ў месцах масавага збору людзей, без патрэбы не наведваць людныя месцы, мыць рукі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. І рабіць прышчэпкі, у тым ліку бустарную. Што да вакцын, то, па словах Салаўя, "перавага ў большасці рэкамендацый аддаецца мРНК-вакцынам (не даступныя ў Рэспубліцы Беларусь) і адэнавірусным". Інактываваная вакцыны па выніках даследаванняў аказаліся найменш эфектыўнымі ў выпадку варыянтаў амікрона.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.