У Мінску вынеслі прысуд па справе ўдавы Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай

У Мінску вынеслі прысуд па справе ўдавы Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай. Яе вызвалілі ад крымінальнай адказнасці і прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Успенская — палітзняволеная, 15 чэрвеня ёй споўніўся 41 год.

Крымінальную справу ў закрытым рэжыме разглядаў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Валянціна Зянькевіч). Успенскую абвіначвалі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. "Грамадска небяспечныя дзеянні" палічылі ўчыненымі ў стане непрытомнасці. Яе інтарэсы прадстаўляла маці.

Суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю "маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай [жонкі забітага афіцэра КДБ], якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска".

Марыю Успенскую затрымалі ў верасні 2021-га адразу пасля таго, як яе муж адкрыў агонь па супрацоўніках КДБ у цывільным, якія ламіліся ў кватэру. У перастрэлцы загінуў афіцэр КДБ (пазыўны — "Нірвана") і сам Зельцэр.

Ва Успенскай ёсць непоўнагадовы сын ад першага шлюбу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.