Вы тут

У Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсіяў, пахаваных у Лошыцкім яры

Фота: Радыё Свабода

У Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, пахаваных у Лошыцкім яры. Гэтую традыцыйную акцыю зладзіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Як перадае Радыё Свабода, у  шэсці ад будынка Мінскага гарадскога палаца культуры да Лошыцкага яра ўдзельнічала прыблізна 50 чалавек.

Шэсце завяршылася мітынгам ля памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. Тут зачыталі заяву лідара партыі Зянона Пазняка.

“Прывозілі і забівалі кожны дзень. Паводле маіх разлікаў, тут забілі прыкладна 10 тысяч чалавек. Улетку 1988 года, калі вяліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы было засыпанае грунтам”, — гаворыцца ў заяве кіраўніка КХП-БНФ.

​Згодна са звесткамі гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача — месца размяшчэння спецкаманды НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.