Вы тут

У Мінску павялічылася колькасць адкрытых вакансій дактароў і медсясцёр

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года медыкі востра адрэагавалі на гвалт і несправядлівасць​

Колькасць медработнікаў, якіх не хапае сталічнай сістэме аховы здароўя, павялічылася. У кастрычніку ў Мінску было адкрыта 852 вакансіі медсястры і 750 — дактароў-спецыялістаў. Дадзеныя апублікаваў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама. Нагадаем, на 1 верасня гэтых вакансій было менш: 812 вакансій для медсясцёр і 716 — для дактароў-спецыялістаў.

Медсёстры і дактары разам з інжынерамі ўваходзяць у топ-3 самых запатрабаваных спецыялістаў на сталічным рынку працы. Сур'ёзна не хапае спецыялістаў і сталічнай сістэме адукацыі. На чацвёртым месцы ў спісе самых запатрабаваных спецыялістаў (калі казаць пра службоўцаў) — выхавальнік (адкрыта 227 вакансій), шостае і сёмае месца дзеляць памочнік выхавальніка і настаўнік (адкрыта па 118 вакансій).

Пры гэтым рэальныя лічбы могуць быць вышэйшыя. 

"Афіцыйныя лічбы даўно не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Толькі ў нашай школе не хапае чатырох педагогаў. Як тады ва ўсёй Віцебскай вобласці можа не хапаць усяго 10 настаўнікаў?"расказала "Нашай Ніве" настаўніца біялогіі з Оршы.

На думку педагога, гэта можа быць звязана з тым, што дырэктары шэрагу школ проста не даюць аб'явы аб вакансіях, а шукаюць настаўнікаў самі.

"Іх таксама можна разумець. Дырэктары школ баяцца казаць, што працаваць ужо няма каму. Усіх, хто з чымсьці не згодны, уключаючы саміх дырэктараў, звальняюць на раз-два", — адзначыла педагог.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.