Вы тут

У Мінску пачалі гаварыць пра пагрозу "лакальнага канфлікту" з Украінай

Аляксандр Вальфовіч / ctv.by

У Мінску пачалі гаварыць пра пагрозу "лакальнага канфлікту" з Украінай. З такой заявай выступіў дзяржсакратар Саўбеза РБ Аляксандр Вальфовіч. Яму "ваенная актыўнасць" Украіны каля мяжы з Беларуссю нагадвае "правакацыю". Вальфовіч не вельмі цырымоніўся, калі даваў ацэнкі дзеянняў нашых паўднёвых суседзяў, якія ўмацоўваюць мяжу і чакаюць з беларускага боку розных неспадзяванак (напрыклад, "атакі" мігрантаў).

"У нармальных краінах вучэнні праводзяць на палігонах", — абураецца дзяржсакратар Саўбеза. Паводле яго слоў, украінцы іх правялі "практычна на дзяржаўнай мяжы... пад выглядам барацьбы з нелегальнай міграцыяй".

"Разгортваючы групоўку Узброеных сіл, разгортваючы цяжкае ўзбраенне, прыцягваючы верталёты, баявыя самалёты для барацьбы з мігрантамі? — усё абураецца ці здзіўляецца Аляксандр Вальфовіч. — Напэўна, глядзяць на палякаў". "Да чаго гэта можа прывесці? — пытаецца ён і сам адказвае: "Гэта можа прывесці да лакальнага канфлікту". Вальфовіч заявіў, што яму "вельмі гэтага не хацелася б". Ён падкрэслівае, што беларускі бок не дае падстаў "для падобных інцыдэнтаў". Ну калі не лічыць заяваў аб прызнанні ўкраінскага Крыму "расійскай тэрыторыяй" ці аб падтрымцы Расіі ў імавернай вайне з Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.