У Мінску эксперымент з аплатай праезду банкаўскімі карткамі прызналі няўдалым

У Мінску эксперымент з аплатай праезду банкаўскімі карткамі прызналі няўдалым

У Мінску эксперымент з аплатай праезду ў наземным грамадскім транспарце бескантактавымі банкаўскімі карткамі прызналі няўдалым. З траўня 2019-га ён праводзіўся ў трамваях 6-га маршруту. Па словах намесніка галоўнага інжынера "Мінсктранса" Міхаіла Сладзінскага, галоўная прычына згортвання эксперыменту "крыецца ў нездавальняючых выніках па фінансавай справаздачнасці, якая тычыцца пацверджання колькасці пасажыраў, якія скарысталіся гэтай паслугай", паведамляе minsknews.by.

"Мінсктранс" заклапочаны тым, што па выніках сямі месяцаў працы лічбы ў прадпрыемства і банка не сышліся. "Гаворка ідзе не пра аднаго-двух пасажыраў, а пра дзесяткі і сотні. А гэта грошы", — кажа Сладзінскі. Паводле яго слоў, адключэнне функцыі аплаты банкаўскімі карткамі яшчэ больш складанае, чым падключэнне. На гэта спатрэбіцца каля тыдня, пра дакладную дату пасажырам паведамяць пазней.

Калі б эксперымент прызналі ўдалым, сістэму збіраліся ўкараніць на ўсім наземным транспарце. Яго зноў могуць паўтарыць, калі з'явіцца нейкі механізм кантроля за колькасцю пасажыраў.

"А пры існуючым стане рэчаў да нас могуць узнікнуць пытанні і з боку правяраючых органаў", — распавёў намеснік галоўнага інжынера "Мінсктранса".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі