У Магілёве ўсталююць мемарыяльную шыльду ў гонар Валянціна Ермаловіча

У Магілёве з'явіцца мемарыяльная шыльда ў гонар Валянціна Ермаловіча (1925 — 2004), актора, рэжысёра, заслужанага работніка культуры БССР, кіраўніка народных тэатраў у Магілёве, грамадскага дзеяча, брата знакамітага гісторыка Міколы Ермаловіча. Днямі стала вядома пра станоўчае рашэнне ў гэтай справе Магілёўскага гарвыканкама.

Ініцыятарамі ўсталявання мемарыяльнай шыльды выступілі выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова сацыёлаг Яраслаў Клімуць і гісторык Ігар Пушкін. У мінулым годзе яны накіравалі ліст мясцовым чыноўнікам з просьбай ушанаваць памяць Ермаловіча.

“Мы выступілі ўдвох ініцыятарамі. Склалі ўсе неабходныя дакументы, якія былі разгледжаны 23 траўня і 15 жніўня 2014 года на пасяджэннях гарадской камісіі па тапаніміцы і ўшанаванню гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва. Там была падтрымана ініцыятыва ўшанавання памяці Валянціна Іванавіча Ермаловіча і таксама зацверджаны тэкст мемарыяльнай шыльды”, — кажа Ігар Пушкін.

Паводле слоў гісторыка, шыльда будзе ўсталявана на доме №46 па вуліцы Першамайскай у Магілёве, дзе на працягу 50 гадоў жыў Валянцін Ермаловіч. Тэкст на шыльдзе наступны: “У гэтым доме жыў заслужаны работнік культуры БССР, акцёр, рэжысёр, Валянцін Ермаловіч”.

“Гэты дом у Магілёве вядомы, як дом актораў. Калісьці Валянцін Ермаловіч прыехаў у Магілёў разам з трупай Пінскага тэатру і менавіта з гэтага моманту быў адроджаны Магілёўскі абласны драматычны тэатр”, — гаворыць Ігар Пушкін.

Валянцін Ермаловіч пасля сканчэння кар’еры актора выкладаў у Магілёўскай вучэльні культуры, спрыяў у адраджэнні шасці народных тэатраў, у тым ліку ў Бялынічах, Краснаполлі і Магілёве. Быў сябрам Таварыства беларускай мовы і першым кіраўніком філіі “Мартыралога Беларусі".

Праект шыльды быў зроблены скульптарам Уладзімірам Конанавым. Яна будзе выраблена з граніта і бронзы за кошт пазабюджэтных сродкаў. З'явіцца шыльда сёлета, але дакладная дата ўсталявання пакуль невядомая.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі