Вы тут

У Лагойску 17-гадовы нецвярозы кіроўца супраціўляўся міліцыянерам

Падчас затрымання нецвярозага кіроўцы / Скрыншот з відэа МУС

У Лагойску 17-гадовы нецвярозы кіроўца супраціўляўся міліцыянерам. На юнака склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за нецвярозае кіраванне і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

Як паведамляе прэс-служба МУС, міліцыя атрымала сігнал, што ўначы ад аднаго з бараў ад'ехаў Mercedes з п'яным кіроўцам. Легкавік спынілі ДАІшнікі і супрацоўнікі Дэпартамента аховы. У ім была п'яная кампанія. Хлопец, які не меў права на кіраванне аўтамабілем, не хацеў выходзіць з машыны — "упіраўся, хапаў міліцыянераў за форму". Не хацела ісці ў патрульны аўтамабіль і 28-гадовая пасажырка, якая піла піва і "абражала супрацоўнікаў", паводзіла сябе задзірліва і не рэагавала на заўвагі. У выніку яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці — за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, за непадпарадкаванне і абразу службовай асобы.

Высветлілася, што кіроўцу раней неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасці — за хуліганства, крадзяжы і "злоснае парушэнне асуджаным да пазбаўлення волі ўсталяванага парадку адбыцця пакарання". Меў ён і неаплачаныя адміністрацыйныя штрафы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.