У кіраўніцтве беларускага спорту аказалася адразу пяць экс-ахоўнікаў Лукашэнкі

Сяргей Кавальчук — міністр спорту Беларусі і экс-супрацоўнік службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі / АНТ​
Сяргей Кавальчук — міністр спорту Беларусі і экс-супрацоўнік службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі / АНТ​

Адразу пяць былых ахоўнікаў Аляксандра Лукашэнкі маюць пасады ў кіраўніцтве беларускага спорту, падлічылі журналісты папулярнага спартыўнага выдання. Прычым два з іх атрымалі прызначэнні ў лістападзе гэтага года. Гэта Аляксандр Уласюк (у пачатку лістапада ўзначаліў РЦАП лёгкай атлетыкі) і Сяргей Сычук. У канцы восені Сычук змяніў на пасадзе старшыні федэрацыі шахмат Анастасію Сарокіну.

Сычук — экс-начальнік аднаго з аддзелаў упраўлення службы бяспекі Лукашэнкі. Мае пагоны палкоўніка. Працуе ў "Белавіі", узначальвае аддзел кадраў. Цікава, што ён ужо кіруе адной федэрацыяй — паруснага спорту, праўда, у рангу намесніка старшыні. Цяпер будзе займацца яшчэ і шахматамі.

Акрамя таго, у свой час працавалі ў службе бяспекі Лукашэнкі цяперашні міністр спорту Сяргей Кавальчук, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Міхаіл Ботнікаў і гендырэктар "Чыжоўка-Арэны" Павел Сцяпанаў. Аўтары публікацыі нагадваюць, што, у прыватнасці, Кавальчук "мае ўзорную ідэалагічную выверанасць". Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён жорстка развітваўся са спартоўцамі, не згоднымі з дзяржаўнай пазіцыяй. Іх звальнялі са зборных без аглядкі на заслугі. Так адбылося, у прыватнасці, з фрыстайлісткай Аляксандрай Раманоўскай. Пры ім стала магчымая гісторыя з Крысцінай Ціманоўскай, якую спрабавалі вывезці з Алімпіяды за крытычны каментар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі