Вы тут

У Кіеве з-пад варты выпусцілі падазраванага ў забойстве Паўла Шарамета

Андрэй Антоненка / УНІАН

У Кіеве з-пад варты выпусцілі падазраванага ў забойстве журналіста Паўла Шарамета музыку Андрэя Антоненку (Riffmaster). Ён знаходзіўся за кратамі 506 дзён. Рашэнне пра змену яму меры стрымання з утрымання пад вартай на кругласуткавы хатні арышт з нашэннем электроннага бранзалета прыняў Шаўчэнкаўскі раённы суд украінскай сталіцы. Антоненку абавязалі здаць замежны пашпарт, паведамляе hromadske.ua.

Андрэй Антоненка, які сябе вінаватым не прызнае, лічыць рашэнне суда "маленькай перамогай у бітве", а "перамогу ў вялікай вайне" ён бачыць наперадзе.

Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года — яго аўтамабіль быў узарваны. У снежні 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага заявіў пра раскрыццё справы. Падазраванымі была названая група асобаў — згаданы музыка, ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі Андрэй Антоненка, дзіцячы кардыёхірург Юлія Кузьменка ("Ліса"), ваенная медсястра Яна Дугар. Кузьменка змянілі меру стрымання раней, яна таксама знаходзіцца пад кругласуткавым хатнім арыштам з нашэннем электроннага бранзалета.

Па версіі следства, Дугар праводзіла разведку, выбуховае прыстасаванне ў аўтамабіль закладвала Кузьменка, а Антоненка яе суправаджаў.

Галоўнае пытанне: хто замовіў забойства? Адказу на яго пакуль няма. У Кіеве разглядаюць нават "беларускі след".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.