Вы тут

У Каталоніі праходзіць усеагульны страйк, адбыліся сутыкненні з паліцыяй

Іспанская паліцыя атакуе ўдзельнікаў страйку ў Барселоне / Reuters

У пятніцу ў Каталоніі праходзіць ўсеагульны страйк. Моладзь перакрывае вуліцы і дарогі. Ужо адбыліся першыя сутыкненні з іспанскай паліцыяй.

А ў гэты час экс-кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон прыйшоў у пракуратуру Бруселя здавацца, а яго не арыштавалі. Новы ордэр Вярхоўнага суда Іспаніі быў дасланы ў Бельгію на іспанскай мове, таму лічыцца несапраўдным. Па бельгійскіх законах, прымаюцца да разгляду дакументы толькі на англійскай, французскай, фламандскай ці нямецкай мовах, інфармуе "Бі-Бі-Сі". У Мадрыдзе, відаць, пра гэта не ведалі.

Карлес Пучдэмон (справа) / Reuters

Пучдэмон з'ехаў у Бельгію ў 2017-м, калі іспанскія ўлады пачалі пераслед каталонскіх незалежнікаў-арганізатараў рэферэндума за незалежнасць гэтага рэгіёна Іспаніі. Палітэмігранта абвінавачваюць у мецяжы і нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў. Аднак дамагчыся выдачы палітыка Мадрыд пакуль не можа. 14 кастрычніка група каталонскіх палітыкаў была асуджана на вялікія тэрміны зняволення па тых жа абвінавачваннях. У адказ у Каталоніі праходзяць масавыя акцыі пратэсту.

У брусельскую пракуратуру Карлес Пучдэмон прыйшоў у суправаджэнні адвакатаў. Ён заявіў, што не згодны з патрабаваннямі іспанскіх уладаў і добраахвотна ў Іспанію вяртацца не жадае. Наступны візіт найхутчэй адбудзецца на наступным тыдні, калі іспанскія ўлады дашлюць новы ордэр. А пакуль Пучдэмон знаходзіцца пад абавязацельствам пра яўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.