У Італіі самая магутная засуха за апошнія 70 гадоў

У Італіі самая магутная засуха за апошнія 70 гадоў. На поўначы краіны ў пяці рэгіёнах уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. Эмілія-Раманья, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Ламбардыя, П'емонт і Венета атрымаюць 36,5 млн еўра з надзвычайнага фонду краіны на барацьбу з недахопам вады, піша "Бі-Бі-Сі".

Паводле ацэнак італьянскага сельскагаспадарчага саюза Coldiretti, засуха можа знішчыць больш за 30% сельгаспрадукцыі рэгіёна. Некалькі муніцыпалітэтаў былі вымушаны аб'явіць аб нармаванні вады.

Прычынай такой сітуацыі называюць вельмі нязначную колькасць ападкаў, якія былі за зіму, да чаго дадалася летняя спёка. Усе пацярпелыя рэгіёны знаходзяцца вакол ракі По — самай доўгай у краіне, яе працягласць больш за 650 кіламетраў. Аднак месцамі яна перасохла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.