У іспанкі, якая піша па-беларуску, у Мінску выходзіць зборнік вершаў

Хіба ўпершыню ў гісторыі нашай літаратуры з’яўляецца кніга іспанкі, якая піша па-беларуску. Анхела Эспіноса Руіз распавяла Еўрарадыё пра свой незвычайны зборнік вершаў “Раяль ля мора”.

Хачу адшукаць сябе па-беларуску

22-гадовая паэтка пачала пісаць вершы на іспанскай мове з 6 гадоў. Пазней у яе з’явіліся творы на англійскай і французскай. Цяпер ёсць нават адзін верш па-ўкраінску. Беларускую мову іспанка вывучае толькі з 2013 года.

На пытанне, чаму першая кніга выходзіць менавіта па-беларуску, Анхела адказвае так:

“Асоба і характар змяняюцца, калі ты пачынаеш пісаць вершы на іншай мове. І ў гэтай кніжцы я хачу адшукаць сябе па-беларуску. У гэтых вершах — частка мяне і маёй душы.”

 “Раяль ля мора” гэта адлюстраванне яе асобы. Паэтка нарадзілася ў Малазе. Усё жыццё жыве побач з морам і з маленства грае на піяніна. “Нават калі я пішу верлібрам, шукаю заўжды музыку ў вершах. Для мяне музыка — вельмі важная частка жыцця”.

Анхела распавядае, што фармавалася на іспанскай паэтычнай традыцыі, патрапіла пад уплыў французскага сімвалізму, і ў зборніку гэта вельмі лёгка заўважыць. Але калі пачынае пісаць па-беларуску, яе стыль змяняецца.

“Мне сказалі, што ніхто так па-беларуску не піша, прынамсі, ніхто значны ў беларускай літаратуры. Я не магу сказаць, што мая паэзія блізкая да іншай беларускай паэзіі”, — характарызуе сваю творчасць Анхела.

Беларуская мова — добрая для складання вершаў

Анхела шмат вывучала беларускую паэзію. З класікаў асабліва ёй падабаюцца Купала, Багдановіч, Геніюш. З больш сучаснай паэзіі — творы Барадуліна. Таксама падабаюцца вершы Міхаіла Баярына, Аляксея Арцёмава.

“Я лічу, што беларуская мова вельмі мілагучная і добрая для складання вершаў. Я гэта адразу заўважыла. Я ведаю недзе 9-10 моў. Ёсць мовы, на якіх я магу лёгка пісаць вершы, а ёсць, на якіх — не. А па-беларуску выходзіць вельмі натуральна”.

Чытачамі гэтай кнігі бачу тых, хто шукае новае

Паэтка бачыць чытачамі сваёй кнігі людзей, якія шукаюць нешта новае. Яна адзначае, што яе паэзія “крыху дзіўная”.

“Я бачу жыццё сімваламі. Я пішу вельмі шчыра, гэта для тых, каму прыемна чуць праўду ў літаратуры”, — кажа дзяўчына.

Анхела Эспіноса Руіз пакуль не ведае, ці будзе перакладаць гэтыя вершы на іспанскую, “але ўжо шмат хто цікавіцца”.

Літаратарка таксама перакладае беларускую паэзію на іспанскую мову. Сярод самых вядомых перакладаў — купалаўскія “Малітва”, “Ворагам беларушчыны” і “Белая яблыня грому” Барадуліна.

Верш са зборніка “Раяль ля мора”:

Горад

Легенда абвяшчае, што дзесьці ёсьць горад,

Восеньню золата і агню,

Дзе зіма разразае паветра, як тысяча нажоў,

Пакідаючы кроплі крыві, зь якіх будуць расьці кветкі

Вясны, якая заўсёды спазьняецца.

Горад, які абмываецца успамінам пра паўночнае мора

Ды старадаўныя сны.

Дзесьці ёсьць горад, дзе трэба прабачаць неба

За ягоную шэрасьць, за шчырасьць.

Горад, куды ўсмешкі ідуць на сьмерць,

Дзе хаваецца каханьне пад белай коўдрай,

А паэзія пад зямлёй.

Горад, які выжыў сто бітваў,

Верхам на першабытным кані.

Горад, дзе, быць можа, жыве той чалавек,

І губляецца сярод сумных, чужых твараў у мэтро,

І адначасова бачыш, і ня бачыш.

Горад, дзе хтосьці знаходзіць шчасьце...

А хтосьці, ну, ня тое, праўда, што шчасьце,

Але вельмі падобнае адчуваньне.

Гэтага дастаткова.

Зборнік вершаў “Раяль ля мора” ад сёння можна набыць у кнігарні “Логвінаў”.

Фота: з архіва А.Эспіносы Руіз

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі