У індэксе IREX па СМІ Беларусь палепшыла свае пазіцыі па выніках 2016 года

У індэксе IREX па СМІ Беларусь палепшыла свае пазіцыі па выніках 2016 года

Міжнародная некамерцыйная арганізацыя IREX апублікавала свой штогадовы “Індэкс медыяўстойлівасці”. Як адзначае прэс-служба БАЖ, інфармацыя пра Беларусь у гэтым дакуменце займае больш за дзесяць старонак.

IREX дзеліць краіны на чатыры групы: няўстойлівая, супраць свабоднай прэсы (0–1 балаў); няўстойлівая са змяшанай сістэмай (1–2); амаль устойлівая (2–3); устойлівая (3–4). Ацэнка ўлічвае пяць катэгорыяў: свабоду слова, прафесійную журналістыку, плюралізм крыніцаў навінаў, менеджмент медыябізнесу і інстытуцыі падтрымкі. 

У пытанні свабоды слова Беларусь упершыню перайшла з групы няўстойлівых краін з антыпрэсавай культурай да няўстойлівых са змяшанай сістэмай. Колькасць балаў за год па гэтым паказчыку амаль падвоілася — 1,31 супраць 0,73. На гэта ў асноўным паўплывала неабмежаваная свабода выказвання онлайн і меншы, чым раней, пераслед журналістаў і блогераў. 

Аднак у дакладзе падкрэсліваеццаа, што свабода слова мае найменшы бал з усіх чатырох катэгорый. IREX згадвае такія парушэнні сваобды слова ў 2016 годзе, як справа Эдуарда Пальчыса, блакаванне сайтаў на аснове спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама папярэджанне “Витебскому Курьеру” за артыкул пра становішча дзяцей у прыёмных сем’ях. У той жа час адзначаецца змяншэнне колькасці папярэджанняў СМІ: летась іх было толькі 16, і яны не былі звязаныя са зместам.

Звяртаецца ў дакуменце ўвага на тое, што палепшылася камунікацыя з дзяржаўнымі органамі. Як прыклад згадваюцца інцыдэнты на будоўлі АЭС у Астраўцы і на “Азоце” ў Гродне, калі ўлады даволі аператыўна рэагавалі на запыты СМІ. 

У пытанні прафесійнай журналістыкі бал вырас з 1,30 да 1,72. IREX мяркуе, што недзяржаўныя СМІ дэманструюць вышэйшы за дзяржаўныя ўзровень якасці. Для дзяржаўных СІ тут пазітыўным момантам называецца маніторынг “Беларускага саюза журналістаў” падчас выбараў і перадача “Клуб рэдактараў”. На павышэнне балу паўплывалі наяўнасць прафесійных кодэксаў этыкі ў БАЖ і БСЖ і праца камісіі па этыцы БАЖ, а таксама даследаванні мовы нянавісці, праведзеныя “Медыякрытыкай”.

Па медыяўласнасці паказчык вырас з 0,88 да 1,30. Эканамічна СМІ далёкія ад самадастатковасці і ўстойлівасці. Ні дзяржаўныя, ні прыватныя СМІ не раскрываюць фінансавую статыстыку. Большасць медыяўласнасці сканцэнтраваная ў руках дзяржавы. Адзначаецца ціск на рэкламадаўцаў у незалежныя газеты. З пазітыўных момантаў — паспяховая краўдфандынгавая кампанія “Нашай Нівы” і “Имён”.

У тым, што датычыць працы ўстановаў, якія спрыяць развіццю журналістыкі, бал вырас за год з 1,31 да 1,64. Тут згадваецца Інстытут журналістыкі, дзе навучаецца 1250 студэнтаў, а таксама некалькі праграмаў са спецыялізацыяй у сферы медыяў у ЕГУ. Станоўчым момантам называецца даступнасць інтэрнэту, хаця падпіска на лічбавыя выданні застаецца нязначнай. Адзначаецца дзяржаўная манаполія на сеткі распаўсюду інфармацыі. 

Даклад складаўся на пачатку 2017 года і не ўлічвае падзеяў вясны 2017 года.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі