Вы тут

У Гродне прадпрымальнікі Паўднёвага рынка зачынілі гандлёвыя кропкі

6 верасня ў Гродне на Паўднёвым рынку зачынілі свае гандлёвыя кропкі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці.Як паведаміў агенцтву БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, такім чынам прадпрамальнікі адказалі на праверку падаткавікоў.

Шумчанка распавёў, што раней прадстаўнікі Дзяржстандарту праводзілі на гэтым рынку маніторынг, не зрабіўшы ніякіх дзеянняў. 6 верасня прыйшлі падаткавікі: яны правяралі ці ёсць у ІП суправаджальныя дакументы на тавары. Праверка паспела зайсці толькі да некалькіх прадпрымальнікаў, астатнія адразу ж зачынілі свае гандлёвыя кропкі. На думку Шумчанкі, гэта сведчыць, што прадпрымальнікі па-ранейшаму не давяраюць падатковай.

Указ №222, які дзейнічае ад пачатку гэтага года, забараняе ІП гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў Мытнага саюза. Самі прадпрымальнікі кажуць, што ў Расіі ім цяжка атрымаць такія сертыфікаты. На пачатку года дзейнасць многіх ІП была паралізаваная ў выніку дзеяння гэтага ўказу.