Вы тут

У Глыбокім і Магілёве асудзілі незалежных журналістаў

Суд над Змітром Лупачам / baj.by

У Глыбокім 11 траўня прайшоў суд над журналістам-фрылансерам Змітром Лупачам, паведамляе прэс-служба БАЖ. 

Суддзя Дзмітрый Тарасевіч заявіў, што Лупача вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ. У адказ журналіст хадайнічаў, каб яго адразу судзілі і па абвінавачанні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

8 траўня Лупача затрымалі за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Падчас гэтай сустрэчы ён выказваў сваё меркаванне пра жыццё ў краіне. 

У выніку суддзя прысудзіў журналісту 10 сутак арышту за ўдзел у масавай акцыі. А за працу без акрэдытацыі яго аштрафавалі на 1215 рублёў (45 базавых велічыняў). 

Падчас суда ў Лупача павысіўся ціск. Яго жонка выклікала хуткую, і журналіста адвезлі ў лякарню.

У Магілёве судзілі затрыманых журналістаў Міхаіла Аршынскага і Аляксандра Буракова. Іх таксама затрымалі пасля сустрэчаў з блогерам Ціханоўскім. 

Аршынскаму прысудзілі 10 сутак арышту. А заўтра яму прызначылі суд па яшчэ адной справе. 

Прысуд Буракову суддзя агучыць у аўторак у 10:00. Да таго часу журналіста вызвалілі з-пад варты.

Таксама 12 траўня ў Магілёве пройдзе суд над затрыманым журналістам Алесем Асіпцовым. Яго затрымал ў Бабруйску, дзе прыхільнікі Ціханоўскага спрабавалі правесці "Антыпарад" на 9 траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.