Вы тут

У гадавіну аварыі на ЧАЭС у мінскі офіс да "Зялёных" ламіліся сілавікі

Лідар "Зялёных" Дзмітрый Кучук / Еўрарадыё

Днём 26 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс партыі "Зялёныя". Як распавёў Еўрарадыё кіраўнік партыі Дзмітрый Кучук, сілавікі грукаліся ў дзверы, але ім ніхто не адкрыў.

Цяпер адрубілі інтэрнэт і электрычнасць у офісе. “ціхары” стаяць у пад'ездзе, некаторыя пад дажджом на вуліцы; у офісе я адзін. Атрымліваецца, не магу выйсці, — распавядае Еўрарадыё Кучук.

Па словах палітыка, ён яшчэ не прыняў рашэнне, калі паспрабуе пакінуць офіс. Увечары Кучук планаваў наведаць памятныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ўскласці кветкі да памятнага знаку.

Я думаю, гэта звязана з тым, што я быў заяўнікам “Чарнобыльскага шляху, — дадае Дзмітрый Кучук. Улады не дазволілі шэсце, і арганізатары адмовіліся ад яго правядзення.

Суразмоўца Еўрарадыё кажа, што праз вокны на вуліцы бачыць шмат людзей, падобных да сілавікоў у цывільным адзенні, і тэхніку. Ён называе гэта "ажыятажам" з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў вечарам 26 красавіка запальваць свечкі каля храмаў, каб ушанаваць памяць ахвяр трагедыі ў Чарнобылі. Пасля гэтага анонсу ў цэнтры Мінска пачалі з'яўляцца сілавікі і спецтэхніка. Паведамляецца аб выбарачных праверках асабістых рэчаў у мінакоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.