У Еўрасаюзе лічаць, што Лукашэнка сам сабе стварыў праблемы

У Еўрасаюзе лічаць, што Аляксандр Лукашэнка сам сабе стварыў праблемы. Пра гэта заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Спыненне плыні мігрантаў, якія ішлі праз Беларусь, у Бруселі назвалі "галоўным поспехам еўрапейскай дыпламатыі" ў 2021 годзе.

"З дапамогай дыпламатычных намаганняў мы змаглі спыніць праз Беларусь да межаў ЕС патокі мігрантаў, якія былі ашуканы пустымі абяцаннямі, — кажа Барэль. — Лукашэнка не дамогся сваёй мэты, і цяпер праблемы ў яго... Гэтая сітуацыя паказала, што мы [краіны Еўрасаюза] адзіныя і можам дасягнуць вынікаў. Я задаволены".

Еўрасаюз ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на ўлады Беларусі. Апошнія сваю віну адмаўляюць. ЕС ужо пакараў афіцыйны Мінск новымі санкцыямі, чакаюцца іншыя абмежавальныя меры. Плынь мігрантаў, якія прарываліся ў Польшчу, Літву і ў меншай ступені Латвію ўдалося спыніць, дзякуючы памежнікам гэтых краін, і дыпламатычным намаганням Еўрасаюза. Улады Беларусі цяпер адпраўляюць мігрантаў на радзіму, найперш у Ірак. Аднак у нашай краіны дагэтуль знаходзяцца тысячы замежнікаў, якія спадзяваліся нелегальна трапіць у Германію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.