У Duty Free на мяжы з Літвой просяць тэхагляд, каб прадаць алкаголь? Правяраем

У Duty Free на мяжы з Літвой просяць тэхагляд, каб прадаць алкаголь? Правяраем

Прадаўцы ў беларускіх крамах Duty Free на беларуска-літоўскай мяжы просяць у кіроўцаў аўтамабіляў паказаць тэхагляд, калі яны хочуць набыць алкаголь. Пра гэта ў “Фэйсбуку” піша адзін з беларускіх турыстаў, які днямі ехаў на сваім аўто ў Літву.

“Прадаўшчыцы ў Duty Free на мяжы з Літвой цяпер правяраюць і тэхагляд у кіроўцаў. Літоўскія памежнікі не пускаюць беларусаў без тэхагляду, тыя вяртаюцца назад. А тут ужо не пускаюць нашы тых, у каго ёсць пакупкі з Duty Free, і прымушаюць ісці здаваць назад у краму. Прадаўшчыцы замучыліся афармляць вяртанне тавару і вырашылі гуляць на апярэджанне”, піша ён.

Ці сапраўды, каб набыць у Duty Free алкаголь, трэба паказаць прадаўцу дакумент аб праходжанні тэхагляду?

“Мы тэхагляд не правяраем, — кажа супрацоўніца Duty Free у пункце пропуску “Лоша”. — Але мы па магчымасці стараемся зрабіць лепш кліенту. Калі мы бачым, што едзе нейкі беларус, і магчыма, што ў яго будуць праблемы з пераходам літоўскай мяжы, то мы проста ўдакладняем [наяўнасць тэхагляду. — Еўрарадыё]. Мы кліенту тлумачым: “Вы ў нас набудзеце тавар, прыедзеце на літоўскі бок, а вас развернуць. А беларускія мытнікі вас з набытым у нас алкаголем не прапусцяць. І, каб пазбегнуць марнавання часу, мы вас папярэджваем, як усё будзе адбывацца”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, не прадаць алкаголь ці нейкі іншы тавар пакупніку ў Duty Free не могуць — незалежна ад таго, пройдзены ў яго тэхагляд ці не. Кліент сам вырашае, рызыкаваць яму ці не, кажуць у краме. І дадаюць, што з пытаннем ці папярэджаннем пра неабходнасць наяўнасці тэхагляду яны да пакупнікоў звяртаюцца вельмі рэдка.

Але так не ўсюды. У крамах Duty Free на іншых памежных пераходах нас запэўніваюць, што не толькі не правяраюць, але нават і не папярэджваюць пакупнікоў пра неабходнасць тэхагляду. Маўляў, пытацца пра нешта, апроч пашпарта і выдадзенага памежнікамі талона на аўто, прадаўцы проста не маюць права. Але пагаджаюцца, што вяртанне тавару для іх — немалая праблема:

 “Вельмі шмат часу гэта адбірае! Трэба безліч дакументаў адксерыць: талон адксерыць, пашпарт адксерыць, заяву чалавек піша... Гэта не адной хвіліны справа”.

І наракаюць на тое, што машыны без тэхагляду ўвогуле да іх даязджаюць. Маўляў, калі літоўскія памежнікі маюць права такія машыны не прапускаць на тэрыторыю сваёй краіны, то чаму беларускія не могуць іх не выпускаць з Беларусі? 

 

Пагранічны камітэт: на выездзе з Беларусі мы тэхагляд правяраць не можам

 

Задаём гэтае пытанне кіраўніку прэс-службы пагранічнага камітэта Антону Бычкоўскаму:

“Памежнікі адказваюць за перасячэнне дзяржаўнай мяжы фізічнымі асобамі і правяраюць пашпарт і страхоўку на аўтамабіль — “зялёную карту”. Праверка дакументаў, звязаных з праходжаннем тэхагляду транспартных сродкаў у кампетэнцыю памежнікаў не ўваходзіць. Наяўнасць дзяржтэхагляду правяраюць прадстаўнікі ДАІ. А такіх прадстаўнікоў у нас на пунктах пропуску няма”.

Прадстаўнік пагранічнага камітэта раіць: не хочаце мець праблем з літоўскімі памежнікамі і губляць час на вяртанне набытага алкаголю ў краму Duty Free — не едзьце за мяжу на машыне без тэхагляду.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі