У "ДНР" трох замежных добраахвотнікаў асудзілі на смяротнае пакаранне

У "ДНР" трох замежных добраахвотнікаў асудзілі на смяротнае пакаранне

9 чэрвеня ў Данецку так званы "Вярхоўны суд ДНР" трох замежных добраахотнікаў (расіяне іх называюць "наймітамі"), якія ваявалі за Украіну і трапілі ў расійскі палон у Марыупалі, асудзіў на смяротнае пакаранне. Гэта — грамадзяне Вялікабрытаніі Эйдэн Аслін і Шон Пінер, грамадзянін Марока Саадун Брагім. Напярэдадні яны прызналі сваю віну ў "дзеяннях, накіраваных на гвалтоўны захоп улады". Аслін прызнаў сябе вінаватым у "праходжанні навучання ў мэтах здзяйснення тэрарыстычнай дзейнасці".

У самаабвешчанай "ДНР" існуе смяротнае пакаранне. Асуджаных на яго расстрэльваюць.

Замежнікі могуць абскардзіць рашэнне на працягу месяца і прасіць аб памілаванні (смяротнае пакаранне ім можа быць заменена на пажыццёвае зняволенне або на 25 гадоў калоніі).

Напярэдадні Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны выступіў з заявай наконт статуса замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія ваююць у складзе ўкраінскага войска. У ёй падкрэсліваецца, што гэтыя людзі "з'яўляюцца вайскоўцамі Узброеных сіл Украіны, на якіх... пашыраецца прававы статус камбатантаў". А значыць яны маюць "права на абыходжанне з імі як з ваеннапалоннымі ў выпадку патраплення ў рукі ворага".

Нядаўна Мінабароны Расіі сцвярджала, што замежных добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, налічваецца да 3500 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі