У чацвер у Гомелі пачнуць судзіць журналістку Ірыну Слаўнікаву

Журналістку Ірыну Слаўнікаву пачнуць судзіць у Гомелі 23 чэрвеня, пачатак а 10-й гадзіне. Крымінальную справу будзе раглядаць абласны суд.

Слаўнікава знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2021 года. Яе затрымалі разам з мужам адразу пасля вяртання з адпачынку з Егіпта. Спачатку быў адміністрацыйны арышт (за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія прызнаныя ў нашай краіне "экстрэмісцкімі"), пасля ўзнікла крымінальная справа. Журналістку падазравалі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Вясной сёлета выставілі абвінавачанне ў стварэнні "экстрэмісцкага фармавання". Ёй пагражае да 7 гадоў зняволення.

У лістападзе 2021-га беларускія праваабаронцы прызналі Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай. Яе ўтрымлівалі на Акрэсціна, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску. З нейкай прычыны суд вырашылі праводзіць у Гомелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.