У Брэсце судзяць шматдзетную маці, якая выкінула ў смецце нованароджанае дзіця

У Брэсце судзяць шматдзетную маці, якая выкінула ў смецце нованароджанае дзіця

У Брэсцкім абласным судзе разглядаюць справу жанчыны, якая нарадзіла дома дзіця і выкінула яго ў сметніцу. Як піша TUT.by, 37-гадовая жыхарка Баранавічаў Алена ўжо мае траіх дзяцей — у яе 20-гадовы сын, а таксама дзве дачкі 17 і 11 гадоў. Усіх дзяцей яна нарадзіла ад аднаго мужчыны, з якім шмат гадоў жыла без шлюбу.

Апошняе дзіця нарадзілася ў чэрвені 2015 года. Алена схавала цяжарнасць ад сужыцеля, з якім на той момант развіталася. Нічога не ведалі пра яе стан і сваякі. На ўлік жанчына не станавілася. Роды пачаліся раніцай. Алена самастойна нарадзіла ў ванне кватэры, дзе жыве з дзвюма дочкамі і  сваёй маці. Усе сямейнікі спалі і нічога не пачулі. Тады парадзіха загарнула немаўля ў спартовыя нагавіцы, паклала ў сумку і вынесла з дома. Выкінула яшчэ жывое дзіця ў смеццевы кантэйнер і сама пайшла на працу — яна была санітаркай у лякарні. У той дзень яна адпрацавала поўную змену з 8:00 да 20:00.

Труп нованароджанага хлопчыка знайшлі праз месяц, але выявіць жанчыну, якая яго нарадзіла, не змаглі. Раскрыццё злачынства адбылося выпадкова: шукалі мужчынаў, якія маглі спрычыніцца да рабавання, і адабралі біялагічныя матэрыялы ў 47-гадовага мужчыны. Генатып супаў з дадзенымі дзіцяці. Тады мужчына прызнаўся, што быў сужыцелем Алены.

У судзе Алена прызнала сваю віну. Яна сказала, што не планавала ніводную з цяжарнасцяў, апошняе дзіця выкінула ў смецце, бо мусіла працаваць далей і гадаваць іншых дзяцей. Таксама яна заявіла, што біялагічны бацька яе дзяцей мала ўдзельнічаў у іх выхаванні.

Алене пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі за забойства заведама малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі