Вы тут

У Брэсце прыхільнік Лукашэнкі атрымаў 2 гады "хіміі" за тое, што ўдарыў доктара

Мікалай Вакуліч пасля нападу на доктара / Скрыншот з відэа

У Брэсце прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі атрымаў 2 гады "хіміі" (з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) за тое, што ўдарыў доктара Андрэя Ракалу. Таксама Мікалай Вакуліч мусіць выплаціць пацярпеламу 500 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі. Такое рашэнне 14 красавіка прыняў суд Ленінскага раёна Брэста. Мужчыну судзілі па артыкуле "Хуліганства", паведамляюць праваабаронцы.

Рэзанансны канфлікт адбыўся 5 студзеня ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай меддапамогі. Нецвярозы 55-гадовы мужчына, якога падабралі на вуліцы ў снезе, спачатку абмацюкаў медыка, заявіўшы, што той не любіць Лукашэнку, а пасля ўдарыў яго ў твар. Усё гэта адбывалася на вачах міліцыянера і трапіла на відэа. У доктара хуткай дапамогі пасля нападу дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.

Хуліганам аказаўся адстаўны вайсковец, кіроўца школьнага аўтобуса (пасля скандалу яго звольнілі з працы).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.