Вы тут

У "Белнафтахіме" ўбачылі прыкметы "тэктанічнага зруху" на рынку нафты ў Еўропе

Reuters

У "Белнафтахіме" ўбачылі прыкметы "тэктанічнага зруху" на рынку нафты ў Еўропе. Так там ацанілі рашэнне польскага аператара нафтаправода "Дружба" PERN падрыхтаваць яго для пастаўкі нафты ў бок Беларусі. А значыць, праект рэверснай транспарціроўкі нафты па "Дружбе" з Польшчы ў нашу краіну ўсё больш становіцца рэальным. Раней яго ацэньвалі толькі як 50 на 50.

"Для нас гэта выгадна і цікава, паколькі зніжае транспартныя выдаткі пры пастаўках нафты па гэтым накірунку, цытуе словы прэс-сакратара канцэрна "Белнафтахім" Аляксандра Цішчанкі TUT.by. — І гэта дазваляе больш дэталёва разглядаць дадзены варыянт пастаўкі нафты".

Адкрываюцца "яшчэ адныя дзверы ў свет альтэрнатыўных крыніц паставак нафты", падкрэсліў Цішчанка. Паводле яго слоў, "гэта змяняе карціну", "пераадолены псіхалагічны бар'ер". Як вядома, Беларусь пачала шукаць варыянты альтэрнатыўных паставак нафты ў канцы 2019-га, калі з Расіяй не ўдалося дамовіцца пра яе пастаўкі ў 2020-м. Першыя пастаўкі нафты, дастаўленай танкерамі з Нарвегіі ў Клайпеду, ужо адбыліся. У сакавіку праз Украіну будзе пастаўляцца нафта з Азербайджана. У там жа месяцы чакаецца пастаўка набытай праз трэйдэраў расійскай нафты праз тую ж Літву.

Аляксандр Цішчанка згадаў, што пазіцыя буйных расійскіх гульцоў нафтавага рынку паспрыяла таму, каб беларусы пачалі шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. І на гэтым шляху ўжо ёсць першыя поспехі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.