У Беларусі ўводзяць спіс жывёл, якіх нельга трымаць дома

У Беларусі вызначаны спіс жывёл, якіх нельга трымаць дома, паведамляе Нацыянальна-прававы інтэрнет-партал. Сама пастанова Мінпрыроды пакуль не апублікаваная.

У "чорны спіс жывёл", якіх забароне трымаць ці разводзіць у жылых памяшканнях, у дварах дамоў і на лецішчах, патрапілі каралеўская кобра, пітоны, даўжэйшыя за 4 метры, усе віды марскіх чарапах, мядзведзяў, шымпанзэ і журавоў, ільвы, тыгры, пумы, расамахі і афрыканскія страўсы. 

А вось у кантактных заапарках можна на законных падставах цяпер трымаць нутрыю, марскую свінку, магадаскарскага таракана і таракана-аўтамабільчыка.

Пастанова ўступае ў сілу 1 жніўня.

Пра тое, што ў Беларусі хочуць забараніць трымаць і разводзіць дома некаторых дзікіх жывёл, стала вядома летась. Паведамлялася, што калі жывёла з'явілася ва ўладальнікаў да ўвядзення забароны, то яна зможа застацца ў іх да натуральнай смерці. Ці застанецца гэты факт у сіле, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.