Вы тут

У Беларусі ўводзіцца крымінальная адказнасць за заклікі да ўвядзення санкцый

Усіх, хто закліча да ўвядзення санкцый, у Беларусі збіраюцца адправіць за краты / pixabay.com

У Беларусі ўводзіцца крымінальная адказнасць за заклікі да ўвядзення санкцый у дачыненні краіны, яе грамадзян і арганізацый. За гэта пагражае ад 6 да 12 гадоў зняволення. Як паведамляе БЕЛТА, 14 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб змене Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь". Якраз ім і уводзіцца адказнасць. Яе называюць "адэкватным адказам на спробы нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы".

За заклікі да звычайных людзей увесці пэўныя санкцыі пагражае да 6 гадоў зняволення. Калі заклікі звернуты да замежных краін, міжнародных арганізацый, то гэта ўжо да 10 гадоў. Максімальны тэрмін — да 12 гадоў — пагражае службовым асобам, якія заклікалі ўвесці санкцыі "з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў", і калі яны прывялі да "цяжкіх наступстваў" (абмежавання гандлю, уключэння прадпрыемстваў у "чорныя спісы").

Як вядома, Захад уводзіць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска не проста так. Гэта адказ на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, на масавыя рэпрэсіі, на пасадку пасажырскага самалёта ў траўні 2021-га, на міграцыйны крызіс, у арганізацыі якога вінавацяць улады Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.