У Беларусі спрашчаюць парадак пабудовы і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў

У Беларусі спрашчаецца парадак пабудовы і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў, а таксама гаспадарчых пабудоў. Гэта прадугледжана ўказам № 202 ад 13 чэрвеня. Згаданыя аб'екты можна будзе пабудаваць без атрымання дазволаў, без распрацоўкі праектнай дакументацыі і без наступнай прыёмкі ў эксплуатацыю.

Грамадзянам дастаткова мець дакумент, які сведчыць пра права на зямельны ўчастак. Праўда, гэта адносіцца да сельскіх населеных пунктаў, за выключэннем размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да сталіцы і абласных цэнтраў. Што да апошніх, а таксама да пасёлкаў гарадскога тыпу і гарадоў, то неабходна будзе атрымаць пашпарт забудоўшчыка (гэта датычыць таксама ІП і юрыдычных асоб).

Выдача пашпарта забудоўшчыка будзе рабіцца паводле прынцыпу "адно акно". На афармленне спатрэбіцца адзін месяц і 25 базавых велічынь (на сённяшні дзень гэта 800 рублёў)

Прадугледжаны і спрошчаны парадак дзяржаўнай рэгістрацыі пабудаваных такім чынам аб'ектаў. Пры гэтым захоўваецца цяперашні парадак узвядзення і рэканструкцыі гэтых пабудоў.

Рашэнне аб прымяненні спрошчанага парадку прымаецца забудоўшчыкамі самастойна. Падкрэсліваецца, што скарыстацца такім парадкам можна будзе пры ўзвядзенні аб'ектаў на тэрыторыі ўсёй краіны, за выключэннем Мінска.

Новаўвядзенне пачне дзейнічаць праз паўгода пасля афіцыйнай публікацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.