У Беларусі праз суд пачалі ліквідоўваць незалежныя прафсаюзы

У Беларусі праз суд пачалі ліквідоўваць незалежныя прафсаюзы. Як паведамляе bkdp.org, 13 ліпеня Вярхоўным судом ліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (апошні ў красавіку 2022-га быў прызнаны ў нашай краіне "экстрэмісцкім фармаваннем").

14 ліпеня Вярхоўны суд прыме рашэнне па Свабодным прафсаюзе Беларускім і Свабодным прафсаюзе металістаў, а 18 ліпеня — па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў (усе іншыя згаданыя прафсаюзныя арганізацыі ўваходзілі ў яго склад).

"Іх ліквідацыя азначае тое, што ў Беларусі будзе практычна цалкам зачышчаны незалежны прафсаюзны рух, — піша прэс-служба БКДП. — Да гэтага часу больш за дзесяць лідэраў і актывістаў гэтых прафсаюзаў сядзяць за кратамі".

Пра тое, што ў Беларусі збіраюцца ліквідаваць непадкантрольныя ўладам прафсаюзы, стала вядома ў чэрвені. Генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных структур.

Масавыя затрыманні актывістаў незалежных прафсаюзаў прайшлі ў Беларусі ў красавіку 2022-га. Праваабаронцы прызналі затрыманых палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.