У Беларусі будуць судзіць казахстанцаў, якія прывезлі 11,5 тыс. фальшывых еўра

У Беларусі будуць судзіць казахстанцаў, якія прывезлі 11,5 тыс. фальшывых еўра

Упраўленне следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні дваіх грамадзян Казахстана, якія прывезлі ў Беларусь 11,5 тысяч фальшывых еўра і спрабавалі іх збыць.

Як паведамляе БЕЛТА, гасцей з Казахстана затрымалі ў снежні 2018 года ў Дубровенскім раёне. Мужчыны 1985 і 1978 года нараджэння наведалі казіно, прайгралі там наяўныя і пайшлі ў абменнік, дзе падалі касіру 5 тысяч фальшывых еўра. Супрацоўніца банка выявіла падробку  і выклікала міліцыю, а зламыснікі зразумелі, што іх выкрылі, таму збеглі ў лес.

Праз пэўны час мужчыны выйшлі да трасы, дзе іх затрымалі праваахоўнікі. Пазней па слядах у лесе аператыўнікі знайшлі яшчэ 3 тысячы фальшывых еўра.

Казахстанцы да свайго затрымання спрабавалі пазбавіцца ад падробных купюраў рознымі спосабамі: набыць аўтамабіль, але прадавец адмовіўся ад здзелкі, разлічыцца за праезд у таксоўцы, абмяняць іх на беларускія рублі. 500 фальшывых еўра яны ўсё ж збылі жыхару Оршы.

Таксама высветлілася, што адзін з фігурантаў справы перавёз на аўтамабілі з Расіі не меней за шэсць капсулаў з трамадолам — небяспечным псіхатропам. Апроч абвінавачання ў захоўванні падробнай валюты з мэтай збыту яму інкрымінуюць незаконную перавозку наркотыкаў.

Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі