Вы тут

У Беларусі 250 крымінальных спраў супраць удзельнікаў выбараў і пратэстаў

Удзельнікі мірных пратэстаў у Беларусі / Reuters

У Беларусі распачата больш за 250 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкіх выбараў і мірных пратэстаў. Гэтыя звесткі сабралі беларускія праваабаронцы. Яны ахопліваюць чатыры з паловай месяцы 2020 года.

Вядома, што па артыкуле "Масавыя беспарадкі" (арт. 293 КК) праходзіць не менш за 87 чалавек. Іншыя з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, распачатых па артыкулах "Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК), "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак" (арт. 363 КК), "Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" (арт. 364 КК), "Ухіленне ад сплаты падаткаў" (арт. 243 КК). Ёсць яшчэ справы за паклёп, хуліганства і г. д.

На сайце spring96.org змешчаны спіс людзей, якія праходзяць па крымінальных справах. 68 з іх ужо прызнаны палітвязнямі.

Дагэтуль невядома хаця б пра адну крымінальную справу, распачатую па фактах гвалту сілавікоў у дачыненні мірных пратэстоўцаў. У лепшым выпадку заяўляецца, што "ідзе праверка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.