Турчын прызнаўся, што не любіць нарады, але адкажа на любое пытанне Лукашэнкі

Турчын прызнаўся, што не любіць нарады, але адкажа на любое пытанне Лукашэнкі

Кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын падчас сустрэчы са школьнікамі адказаў на два дзясяткі іх пытанняў. Ён прызнаўся, што працоўны дзень складае 12 гадзін. Працуе чыноўнік і ў суботу — яму некамфортна ў гэты дзень заставацца дома, "калі ёсць справы". Такі графік стаў для Турчына звыклым.

Як інфармуе БЕЛТА, Аляксандр Турчын не любіць нарады. Для яго прасцей разглядаць звароты людзей, якія маюць канкрэтнае пытанне. Аднак у нарадах удзельнічаць даводзіцца рэгулярна.

"Самае адказнае — гэта нарады з кіраўніком дзяржавы, цытуе словы Аляксандра Турчына sb.by. — Да іх трэба ўзмоцнена рыхтавацца. Гэта мабілізуе розум. Я павінен быць гатовы адказаць на любыя пытанні прэзідэнта".

Турчын прызнаўся, што ў школе яму набольш падабалася хімія, адзіная чацвёрка ў атэстаце ў яго была па алгебры. У той час ён захапляўся баскетболам, гэты від спорту любіць і цяпер. Працаваць Аляксандр Турчын пачаў з 14 гадоў, калі ўладкаваўся на прадпрыемства, якое займалася выпускам аўтамабільных фільтраў.

"У жыцці заўсёды трэба заставацца чалавекам, незалежна ад таго, на якой пасадзе ты працуеш", — сказаў дзецям кіраўнік Міншчыны.

Турчыну 44 гады. Ён — ураджэнец Навагрудка. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (2002) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2009). Працаваў загадчыкам крамы, падаткавіком, галоўным кантралёрам-рэвізорам Мінфіна па Навагрудскім раёне. З 2010-га — старшыня камітэта па эканоміцы Мінаблвыканкама, з 2012-га — намеснік старшыні Мінаблвыканкама. Пасля быў памочнікам кіраўніка дзяржавы, галоўным інспектарам па Гомельскай вобласці, кіраўніком апарата Саўміна, старшынём Савета па развіцці прадпрымальніцтва. У жніўні 2018 года стаў першым намеснікам прэм'ер-міністра, у лістападзе 2019-га прызначаны старшынём Мінаблвыканкама.

Турчын прызнаўся, што не любіць нарады, але адкажа на любое пытанне Лукашэнкі
Турчын у Лукашэнкі / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі