Вы тут

Турчын: лічбавізацыя ставіць крыж на намаганнях захаваць працоўныя месцы

Аляксандр Турчын / БЕЛТА

На ​​"Кастрычнiцкім эканамiчным форуме-2019" першы віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Турчын выказаўся пра лічбавізацыю. Паводле яго слоў, дзяржава не можа затармазіць прагрэс, укараненне новых тэхналогій і ў жыцці, і ў эканоміцы. У яе ёсць толькі два варыянты: альбо падстроіцца пад патрэбы прагрэсу, ці ігнараваць яго, інфармуе TUT.by.

"Мы змагаліся за захаванне працоўных месцаў у цэхах і на палях, але лічбавізацыя разам з рабатызацыяй ставіць крыж на гэтых намаганнях, — гаварыў Турчын. — Перад светам у поўны рост становіцца праблема нулявой працоўнай сілы".

Першы віцэ-прэм'ер прыводзіў і іншыя прыклады. Напрыклад, урад абараняў унутраны рынак тавараў лёгкай прамысловасці. Але "з'явіўся AliExpress, з'явіліся платформы, і стала зразумела, усе нашы меры па абароне рынку сталі бессэнсоўныя і бескарысныя", заявіў Аляксандр Турчын. Паводле яго слоў, развіццё тэхналогій ставіць на другі план вуглевадароды, якія яшчэ нядаўна трывала былі на першым.

"У цэнтры эканамічнай палітыкі мы ставілі пытанні танных нафты і газу, — гаварыў першы віцэ-прэм'ер. — А зараз і для развіцця, і для выжывання гэтыя пытанні перастаюць быць крытычнымі".

Турчын не мог не згадаць беларускі Парк высокіх тэхналогій, тэмпы развіцця якога "на парадак пераўзыходзяць усе астатнія галіны і сферы". "Нашым невялікім ростам мы абавязаны Парку", — падкрэсліў ён. І ўжо нікога не здзіўляе, што наступная пяцігодка "павінна стаць і па назве, і па духу лічбавай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.