Вы тут

Топ лепшых хабараў. Што чыноўнікі бралі ў сыходзячым 2018 годзе

Фота: info161.ru

Беларускі карупцыянер жаласны, прагны і дробязны. Выжываючы ў суровых умовах беларускай эканамічнай мадэлі, ён вымушаны браць любы хабар. Як у народнай прыказцы, "у гаспадарцы ўсё спатрэбіцца". Ён з лёгкасцю прымае парфуму, каньяк, рыбу, купюры і дробныя манеты. Справа даходзіць нават да зніжак на вокны ПВХ.

Ад такіх навін складваецца адчуванне, што чыноўнікам і кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў увогуле не плацяць зарплату. Нібыта яны існуюць у рэальнасці таго анекдота: "Пасаду мы табе далі, а далей круціся як хочаш". Еўрарадыё сабрала лепшыя прыклады беларускіх хабараў у 2018 годзе.

Марожанае, пельмені і алей

Адзін з кіраўнікоў раённай адміністрацыі, які ўзначальваў тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, кожны тыдзень бясплатна атрымліваў прадукты з крамы:

"Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Звычайныя рыба, курыца, алей, пельмені і нават марожанае — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка, — абураўся нядаўна старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык. — Прычым заказы на тавары паступалі не толькі ад самога чыноўніка, але і ад яго жонкі і ад іншых сваякоў".

Зніжка на вокны ПВХ за перамогу ў тэндары

Дырэктара дзяржпрадпрыемства “Баранавічы камунцепласетка” Віталя Кадышына абвінавачвалі ў тым, што ён узяў хабар вокнамі ПВХ. Дакладней, ён атрымаў зніжку на іх, заплаціўшы ўсяго 300 рублёў — траціну ад рэальнага кошту. Вокны яму ўсталявалі за прызнанне адной з фірм пераможцай у тэндары.

Начальнік Мазырскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету браў хабар рыбай

Прагнасць чыноўнікаў не мае лагічнага тлумачэння. Так, напрыклад, начальнік Мазырскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Лагімахаў двойчы атрымліваў хабар рыбай! Мабыць, хацеў і рыбку з'есці і ў сажалку не лезці. А рыбу ён атрымліваў за тое, што не прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці рыбакоў, якія незаконна лавілі ў зоне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Спадзяемся, ад радыеактыўнай рыбы ніхто не пацярпеў.

За каньяк, парфуму, нататнік і ручку

Былога начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Леаніда Лемеша абвінавачвалі ў тым, што ён атрымліваў сувенірныя наборы, у якіх быў каньяк, парфума, каляндар, нататнік і ручка. Грашыма і іншымі каштоўнасцямі ў суме ён ўзбагаціўся на 890 рублёў.

Усё гэта ён атрымліваў за выдачу дазволаў прыватным кампаніям на праезд грузавога транспарту. Па версіі абвінавачвання, ён рабіў замах на атрыманне яшчэ 50 долараў хабару, але не паспеў. У выніку Лемеша прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 27.12