Толькі 3 з 14 эвакуацыйных аўтобусаў з Марыупаля даехалі на ўкраінскую тэрыторыю

Да падкантрольнай украінскім уладам тэрыторыі дабраліся толькі тры з 14 эвакуацыйных аўтобусаў з жыхарамі Марыупаля. Лёс людзей з астатніх 11 аўтобусаў невядомы. Пра гэта паведаміў мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка, піша сайт "Навіны Данбаса".

"Мы разумеем, што дзесьці дзеліся 11 аўтобусаў, якія павінны былі рухацца ў бок Запарожжа на падкантрольную частку нашай дзяржавы, але яны недзе згубіліся. Губляюцца яны ў гэтых фільтрацыйных цэнтрах, на жаль, яны забіраюць і выкрадаюць нашых жыхароў, і сёння гэта адбываецца і ў нашым украінскім Марыупалі", — расказаў Бойчанка.

Па яго словах, цяпер працуюць чатыры такія цэнтры. Тэрміны ўтрымання людзей у іх залежаць ад шматлікіх фактараў — гэта можа быцт і месяц, і больш.

"Калі ты так ці інакш звязаны з дзяржслужбай, муніцыпальнай службай, то ты атрымліваеш два месяцы, два тыдні турмы, як яны гэта вызначаюць, я не ведаю. Тыя, хто прайшоў гэтую турму, гэтыя катаванні, яны ўжо даюць паказанні", — падзяліўся падрабязнасцямі мэр Марыупаля.

Бойчанка дадаў, што ў аўторак чакалася эвакуацыя дзвюх тысяч жыхароў Марыупаля з акупаванага Бярдзянска, куды яны змаглі дабрацца самастойна. Па яго словах, гэтая калона рухаецца ў кірунку Запарожжа.

Як падлічыў мэр Марыупаля, у горадзе засталося больш за 100 тысяч жыхароў, у тым ліку 200 мірных чалавек на тэрыторыі камбіната "Азоўсталь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.