Таварыства аховы помнікаў звярнулася ў КДБ наконт будоўлі ў Курапатах

Старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч накіраваў ад імя таварыства зварот у КДБ. Ён выказвае заклапочанасць будоўляй каля мемарыяльнага комплексу "Курапаты", які дзяржава прызнала гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яшчэ адзін зварот Таварыства аховы помнікаў накіравала ў Галоўбудэкспэртызу.

У каментары Радыё "Свабода" Астаповіч патлумачыў: ліст у Галоўбудэкспертызу ён накіраваў, бо мяркуе, што парушаныя працэдуры праектавання і выдачы заключэння на праектную дакументацыю. Зварот у КДБ ён абгрунтаваў тым, што падазрае прыкметы карупцыйнай схемы пры будаўніцтве. 

Астаповчі звяртае ўвагу, што праектная дакументацыя будоўлі распрацоўвалася без дазволу Міністэрства культуры, не праходзіла ў ім узгадненне. Дарэчы, і сама будоўля пачалася без дазволу міністэрства, што парушае закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" ў той форме, у якой ён дзейнічаў да 3 лютага 2017 года. Цяпер жа будоўля парушае шэраг пунктаў у артыкулах 105, 109, 110, 115 Кодэксу аб культуры.

Зямельны ўчастак выдаваўся пад будаўніцтва праз аўкцыён у 2013 годзе, калі ўваходзіў у межы ахоўнай зоны Курапатаў. Дзяржаўная экспертыза праекту адбылася без дазволу Мінкульту. Падчас экспертызы праект не быў прадугледжаны горадабудаўнічай дакументацыяй, не было праекту дэталёвага планавання тэрыторыі, таму праект будоўлі мусіў выносіцца на грамадскае абмеркаванне.

Таварыства просіць КДБ правесці праверку дзеянняў службовых асобаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.