Вы тут

Таксі, дызайнеры, капірайтары і іншыя: якія ІП засталіся без "спрашчонкі"

Uber у Беларусі

Міністэрства па падатках і зборах пракаментавала папраўкі, унесеныя 31 снежня 2021 года ў Падатковы кодэкс. Згодна з імі, з 2022 года многія індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі, не могуць ужываць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.
 

У чым адрозненне "паслугі" ад "працы"?

Праца — дзейнасць, вынікі якой маюць матэрыяльнае вымярэнне і могуць быць рэалізаваныя для задавальнення патрэбаў арганізацыі і/ці фізічных асоб. А паслуга — дзейнасць, вынікі якой не маюць матэрыяльнага вымярэння, рэалізуюцца і спажываюцца ў працэсе ажыццяўлення гэтай дзейнасці ці пасля яе завяршэння. Напрыклад, аплачваецца аказанне паслуг рэпетытара, а не вынік іх аказання — паспяховая здача тэставання.

У тлумачэнні прыведзеныя канкрэтныя прыклады відаў дзейнасці ІП, якія больш не падпадаюць пад ССП. Гэта капіявальныя паслугі; рамонт (у тым ліку абутку і смартфонаў); мыццё і хімчыстка; аўдытарскія паслугі; дызайнерскія паслугі; рэкламныя паслугі; паслугі цырульні і салонаў прыгажосці; пісьмовы і вусны пераклад; рамонт і запраўка картрыджаў; паслугі клінінгу; капірайтынг і іншыя.

Асобна разабраны выпадак з таксістамі, якія працуюць на Uber (менавіта там, а не проста ў аналагічнай службе таксі). "Са студзеня 2022 года індывідуальны прадпрымальнік не мае права прымяняць ССП у адносінах да ўсёй прадпрымальніцкай дзейнасці, уключна з перавозкай пасажыраў аўтамабілямі-таксі", — паведамляе МПС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.