Вы тут

Светлагорскае "Хімвалакно" не пастаўляе кісларод нікому, апроч раённага шпіталя

Кіслародная маска / pixabay.com

"Светлагорскхімвалакно" паведаміла сваім пакупнікам, што спыняе продаж тэхнічнага кіслароду. Цяпер увесь выраблены прадпрыемствам кісларод ідзе на патрэбы раённага шпіталя. Адпаведны дакумент публікуе Радыё "Свабода".

У лісце за подпісам гендырэктара Васіля Касцюкевіча гаворыцца, што ў выніку складанай эпідэміялагічнай сітуацыі прадпрыемства перайшло ў рэжым жорсткай эканоміі расходу кіслароду.

Максімум, на які гатовы вытворца, — вылучаць 1-2 балоны кіслароду на дзень. Дый тое — у экстраных аварыйных выпадках.

Светлагорскае "Хімвалакно" вырабляе тэхнічны і медыцынскі кісларод больш за 40 гадоў. У адзін 40-літровы балон змяшчаецца крыху больш за 6 кубаметраў кіслароду. Для інгалятара з маскай такога балона хопіць на некалькі сутак, для апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх — на адны суткі.

Паводле афіцыйнай статысткі Мінздароўя, за мінулыя суткі былі зафіксаваныя 1998 новых хворых з каранавірусам, а 16 пацыентаў памёрлі.

Ліст ад гендырэктара светлагорскага "Хімвалакна" / Радыё "Свабода"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.