Вы тут

Сваякі Рамана Бандарэнкі патрабуюць крымінальнай справы за праслухоўванне

Кадр з сюжэта на СТБ

Сваякі Рамана Бандарэнкі падалі ў Цэнтральнае РУУС Мінска заяву з просьбай пачаць крымінальную справу па фактах праслухоўвання іх тэлефоных размоў. Пра гэта яны распавялі ў гутарцы з Еўрарадыё. 

Аўдыязапісы размоў родных забітага Рамана Бандарэнкі з'явіліся 25 лістапада ў "расследаванні" прапагандыста Рыгора Азаронка ў эфіры тэлеканала СТБ. Як распавядала Еўрарадыё, з запісаў вынікае, што тэлефоны сваякоў Бандарэнкі праслухоўвалі некалькі дзён — прынамсі да хаўтураў.

Сваякі лічаць, што праслухоўванне і публікацыя аўдыязапісаў іх размоў парушаюць артыкул 28 Канстытуцыі Беларусі, артыкул 18 закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" і артыкул 9 Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека.

Яны хочуць высветліць, хто і з чыйго дазволу вёў негалосны запіс іх асабістых перамоваў, а таксама на якіх падставах перадаў гэтыя запісы Азаронку. Таксама сваякі Бандарэнкі хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Азаронка і людзей, якія вялі і перадавалі гэтыя запісы.

Заява ў міліцыю сваякоў Рамана Бандарэнкі / t.me/motolkohelp

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.