Супольнасць чыгуначнікаў: чыгунку будзе кантраляваць спецназ унутраных войскаў

З'явілася інфармацыя, што з 19 сакавіка спецназ унутраных войскаў вайсковай часці 3214 адправяць для дапамогі па кантролі за чыгуначнымі шляхамі і інфраструктурай Беларускай чыгункі. Дзяжурыць яны будуць у Гомельскай і Брэсцкай абласцях, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Патрулі будуць хадзіць у цывільным адзенні, пры сабе мець зброю і рацыі з GPS-трэкерамі. Пражываць яны, нібыта будуць у намётах недалёка ад чыгункі.

Цягам апошніх месяцаў на чыгунцы адбылося некалькі дыверсій, у тым ліку злом сістэмы камп'ютарнага продажу квіткоў. Апошняя дыверсія здарылася 16 сакавіка, калі спалілі рэлейную шафу на чыгунцы пад Полацкам. 

Пасля гэтага, як паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, па начах на некаторых перагонах і станцыях зноў пачалі дзяжурыць патрулі з вайскоўцаў унутраных войскаў: "На некаторых участках чыгункі нічога лепш прыдумаць не змаглі, як паставіць па два-тры сілавікі да кожнай рэлейнай шафы".

Дарэчы, да дыверсій на чыгунцы беларусаў заклікаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Ён звярнуўся да беларусаў, каб тыя перашкаджалі перамяшчэнню расійскіх войскаў ва Украіну. За гэта на Арастовіча ў Беларусі пачалі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.