Вы тут

Сукамернікі Анатоля Лябедзькі кажуць, што ў яго пагоршыўся стан здароўя

Анатоль Лябедзька / Еўрарадыё​

Пра пагаршэнне здароўя Анатоля Лябедзькі са спасылкай на яго былых сукамернікаў на Акрэсціна расказаў цяперашні лідар АГП Мікалай Казлоў. З Казловым размаўлялі журналісты "Радыё Рацыя".

Былога кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку затрымалі 14 мая ля суда, дзе пачынаўся працэс па "справе студэнтаў". Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і асудзілі на 30 сутак арышту. Пазней людзі, якія былі з ім у адной камеры і ўжо выйшлі на волю, распавялі, што камера была перапоўненая. У чатырохмясцовай камеры сядзелі 16 чалавек.

"Я ведаю пра тое, што ў яго жонкі не ўзялі лекі для яго, сказалі, што ўсё ёсць, хоць пытанні з меддапамогай там застаюцца", — распавёў таксама цяперашні кіраўнік грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Паводле яго слоў, якасць аказання медыцынскай дапамогі ў ізалятары на Акрэсціна выклікае вялікія пытанні. З тым узроўнем дапамогі, "якую могуць аказаць на Акрэсціна, не павінна здзіўляць, калі ў чалавека сардэчны прыступ і ён памёр", адзначыў Казлоў. Нагадаем, ад сардэчнага прыступу, паводле афіцыйнай версіі, памёр палітвязень Вітольд Ашурак.

У пачатку красавіка Казлоў таксама адбыў 15 сутак на Акрэсціна за "непадпарадкаванне міліцыі". Паводле яго слоў, умовы, якія ствараюць для "палітычных" у мінскім ізалятары можна параўнаць з катаваннем. Прычым адміністрацыя робіць гэта наўмысна. За гэтыя злачынствы рана ці позна давядзецца адказаць, перакананы кіраўнік АГП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.