Вы тут

Суд вызваліў па УДВ кіраўніка грозненскага "Мемарыялу" Аюба Ціціева

Аюб Ціціеў / Вольга Баброва, "Новая газета"

Шалінскі гарадскі суд на выязным пасяджэнні ў калоніі-пасяленні ў Аргуне задаволіў хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні кіраўніка чачэнскага аддзялення праваабарончага цэнтра "Мемарыял" Аюба Ціціева.

Як паведаміў "Новай газеце" адвакат Пётр Заікін, рашэнне суду ўступіць у сілу праз 10 дзён. Такім чынам, праваабаронца выйдзе на волю 21 чэрвеня.

"Паседжанне прайшло ў спакойным рэжыме, усе ўдзельнікі працэсу ставіліся адзін да аднаго з павагай. Хадайніцтва абароны аб УДВ падтрымалі адміністрацыя калоніі і прадстаўнік пракуратуры рэспублікі Чачні. Яны палічылі, што прычын для адбыцця ўсяго тэрміну няма", — сказаў адвакат.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што вітае рашэнне вызваліць Ціціева.

"Пакаранне павінна служыць інструментам выпраўлення і вяртання чалавека на свабоду, здольным быць карысным сям'і і грамадству, а не ператвараць яго ў рэцыдывіста. Калі суд з першага ж разу прызнаў магчымым датэрмінова вызваліць Ціціева, упэўнены, што вывучаныя ўсе абставіны і прынята аб'ектыўнае рашэнне", — напісаў ён.

Аюба Ціціева затрымалі ў студзені мінулага года, пасля таго як супрацоўнікі паліцыі нібыта выявілі ў яго машыне пакет з 200 грамамі марыхуаны. Ціціеў адмовіўся ад "чыстасардэчнага прызнання" і нагадаў, што ператрус без панятых не мае доказнай сілы. Тады яго вывезлі на трасу і затрымалі яшчэ раз — ужо з панятымі.

18 сакавіка Шалінскім гарадскі суд Чачні вынес Ціціеву абвінаваўчы прысуд, прызнаўшы вінаватым у захоўванні наркотыкаў, і прызначыў яму чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленьні.

Сам праваабаронца сваю віну не прызнае. Абарона Ціціева настойвала, што наркотыкі яму падкінулі, а справа супраць яго была сфабрыкаваная па палітычных матывах, каб спыніць расследвальніцкую і праваабарончую дзейнасць "Мемарыялу".