Суд спыніў справу за каментар пра міліцыянта, які ўпаў на пікеце Ціханоўскага

Суд Ляхавіцкага раёна пастанавіў спыніць справу супраць Алены Бабко, якую судзілі за каментар у сацсетках.

Як паведамляюць праваабаронцы, жанчына пакінула два каментары на адрас міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага. Менавіта ён паваліўся на пікеце ў Гродне ў траўні 2020 года, што стала падставай для затрымання Сяргея Ціханоўскага.

У сакавіку 2022-га да жанчыны прыйшлі з ператрусам і пачалі на яе крымінальную справу за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).

Суддзя Наталля Буднік спыніла справу, бо скончыўся тэрмін даўнасці — 2 гады. 

Таксама суд пастанавіў, што Бабко не мусіць плаціць міліцыянту 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Аднак яе тэлефон, з якога былі напісаныя каментары, канфіскавалі на карысць дзяржавы.

Дарэчы, за каментары на адрас Казлоўскага былі асуджаныя шэраг беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.