Вы тут

Суд прымусіў міліцыю заплаціць за знішчаны бел-чырвона-белы сцяг

Мікалай Качурэц у судзе / vitebskspring.org

Мікалай Качурэц выйграў суд у міліцыі з патрабаваннем аплаціць знішчаны ў 2018 годзе нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, піша праваабарончы сайт "Віцебская вясна". Праўда, суд Першамайскага раёна Віцебска задаволіў яго фінансавыя патрабаванні толькі часткова. 

На Дзень Волі ў 2018 годзе Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Мужчыну затрымалі, і Кастрычніцкі суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў. Абласны суд пакінуў рашэнне без зменаў. Але 25 жніўня старшыня аблсуда адмяніў рашэнне Кастрычніцкага суда і накіраваў справу на новы разгляд. А 27 кастрычніка яна была скасаваная, бо скончыўся тэрмін адміністрацыйнага пакарання.

Качурэц прасіў спагнаць з міліцыі за канфіскаваны і знішчаны сцяг 42 рублі. Ён прынёс у суд прайс з інтэрнэт-крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сцяг каштуе 20 рублёў. Таксама актывіст падаў дакументы пра кошт дзяржальна (палімернай трубы) і квіткоў для паездкі ў Мінск і назад.

Міліцыянт Дзмітрый Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, не пагадзіўся з патрабаваннямі Качурца. Ён заявіў, што знішчаны сцяг быў не новы, выглядаў кепска, і яго “можна было б ацаніць на вагу рыззя”. Ён падаў у суд прайсы з крамы “Сялена”, дзе можна набыць тканіну белага і чырвонага колераў па цане 2,5 рубля за 1 метр. Таксама міліцыянт падаў даведку ад швачкі, якая ўзялася б пашыць такі сцяг за 7 рублёў.

Суддзя Алена Савіцкая ацаніла шкоду на 8 рублёў 30 капеек. Акрамя таго, міліцыя мусіць таксама аплаціць актывісту частку судовых выдаткаў — 42 капейкі. Агулам атрымліваецца 8,72 рубля. Гэтая сума будзе выплачаная з  рэспубліканскага бюджэту.

Кошт стратаў суд ацаніў праз запыты ў віцебскі ўнівермаг, на швачнае прадпрыемства “Труд-Віцебск” і ў “Дом сантэхнікі”. Паводле атрыманай інфармацыі, тканіну для сцяга (0,5 X 1,5 м) можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сцяг — за 2,5 рубля, набыць трубу для дрэўка — за 4,41 рубля. Агулам выйшла 8 рублёў 30 капеек — нават менш, чым прапаноўваў прадстаўнік міліцыі.