Суд апраўдаў мужчыну, якога вінавацілі ў здымках калоніі ў Глыбокім

Мужчыну, які прыехаў у Глыбокае рамантаваць медабсталяванне, затрымалі за фатаграфіі, якія ён рабіў непадалёк ад калоніі. Але суд стаў на яго бок, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Здарэнне адбылося 19 траўня. Пасля працоўнага дня прыезджы пайшоў глядзець славутасці Глыбокага і па дарозе фатаграфаваў іх: крыж, звон, стэнд з гісторыяй будынка. У гэты момант супрацоўнік калоніі зрабіў яму заўвагу, што здымаць рэжымныя аб'екты нельга, і прагледзеў здымкі ў тэлефоне.

Калі мужчына пайшоў далей і сфатаграфаваў упадабаны жылы дом, яго затрымалі.

На судзе камандзір 1 узвода кантралёраў прапаршчык Б. заявіў, што растлумачыў мужчыну пра забарону весці здымкі на тэрыторыі рэжымнага аб'екта. Пазней ён заўважыў фатографа на прылеглай тэрыторыі шостага ўчастка папраўчай установы каля крыжа і памятных дошак. Пры праглядзе мабільніка прапаршчык не выявіў фота і відэа калоніі. Ён паўторна запатрабаваў, каб мужчына сышоў. Аднак у 19:45 прапаршчык, па яго словах, пабачыў, як мужчына робіць здымкі каля калоніі, і затрымаў яго.

Суд Глыбоцкага раёна пастанавіў, што прапаршчык не меў абавязкаў па ахове грамадскага парадку, таму не валодаў законным правам прад'яўляць патрабаванні да грамадзян па-за тэрыторыяй папраўчай установы.

Акрамя таго, у тэлефоне мужчыны не знайшлі нічога, што магло б паўплываць на працу папраўчай установы. Таксама суд не атрымаў доказаў наяўнасці інфармацыі пра забарону правядзення фота- і відэаздымкаў за тэрыторыяй папраўчай установы.

У выніку суддзя прыйшоў да высновы пра недаказанасць вінаватасці фатографа. 

Начальнік глыбоцкай міліцыі абскардзіў рашэнне суда, палічыўшы разгляд справы неаб'ектыўным і павярхоўным.

Але і Віцебскі абласны суд падтрымаў рашэнне Глыбоцкага суда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.