Вы тут

Стартап пра мужчынскае палавое здароўе, які эканоміць нервы, а можа, і грошы

Беларусы распрацавалі праграму пра мужчынскае палавое здароўе

Sequoia — мабільная праграма, якая дапамагае сачыць за мужчынскім здароўем, адсочваць яго і атрымліваць рэкамендацыі па яго паляпшэнні.

"Гэтая ідэя ўзнікла ў працэсе абмеркавання таго, што трэба мужчыну. Спачатку мы думалі зрабіць праграму пра мужчынскую прыгажосць. А пасля зразумелі, што мужчынская прыгажосць — гэта сексуальная прывабнасць. І гэта не заўсёды звязана з вонкавым выглядам. Тэма далікатная, табуяваная", — расказвае CEO Sequoia Дзяніс Галка.

Ён тлумачыць: на праблемы з мужчынскім здароўем скардзіцца не прынята. І таму, калі чалавек сутыкаецца з праблемай у гэтай сферы, ён часам не можа прызнацца ў іх нават самому сабе.

"Узнікаюць думкі: пабаліць і пройдзе. Плюс да ўсяго, чалавек не можа гэтым падзяліцца, ён адчувае пачуццё страху, сораму, няёмкасці. Расказаць сябрам таксама не можа, ён не хоча, каб пра гэта хтосьці ведаў. У выніку, сутыкнуўшыся з праблемамі, мужчына звяртаецца да лекара, ужо калі бурыцца сям'я, здароўе", — кажа Галка.

Распрацоўшчыкі прыйшлі да высновы, што могуць даць мужчынам памочніка ў мабільным тэлефоне. Ён раскажа, як справіцца з праблемамі, але зробіць гэта ананімна.

Як гэта выглядае? Карыстальнік усталёўвае праграму і праходзіць тэст. Медыцынскі алгарытм, распрацаваны камандай лекараў, прадстаўляе справаздачу пра стан здароўя. І агульныя рэкамендацыі. Гэты базавы функцыянал праграмы прапаноўваецца бясплатна.

А той, хто хоча атрымаць персаналізаваныя рэкамендацыі, можа аформіць падпіску. Праграма візіту да лекара не адменіць: калі праблема сур'ёзная, менавіта гэты варыянт дзеянняў чалавеку і парэкамендуюць. А вось першасны прыём у лекара, кажуць распрацоўшчыкі, можа замяніць.

"А калі мы гаворым пра рынак ЗША, на які мы і нацэльваемся, паход да мужчынскага лекара каштуе 500 долараў. Калі няма страхоўкі, гэта не кожнаму па кішэні. Праграма можа падказаць, прынамсі, з візіту да якога лекара пачаць, каб вырашыць свае праблемы", — кажа наш суразмоўнік.

Распрацоўшчыкам дапамагала каманда медыкаў: сексолагі, неўролагі і псіхолагі. Ці не баяцца яны страціць хлеб, калі праграма стане папулярная? Не, яны плануюць інтэграваць яе ў сваю працу.

"Нашы лекары расказвалі, што бывалі выпадкі, калі пацыент прызнаваўся: доктар, тры гады да вас не мог дайсці. Або: доктар, мне складана гаварыць, задавайце пытанні. А наша праграма дапамагае прыняць рашэнне пайсці да лекара або нават вырашыць праблемы самастойна, калі гэта магчыма", — расказвае Галка.

Адным словам, расказаць усё мабільнаму тэлефону прасцей. Але што з прыватнасцю? Чалавек дзеліцца вельмі асабістымі персанальнымі звесткамі, якія гарантыі ананімнасці?

"Наша праграма не збірае асабістых звестак. Мы выдатна разумеем, наколькі важна захоўваць ананімнасць карыстальнікаў, наколькі гэта інтымныя моманты. Ніякай аўтарызацыі, ніякіх фатаграфій, ніякага імя і прозвішча", — растлумачыў СЕО праграмы.

Персаналізаваным планам дзеянняў, які складае праграма, ужо скарысталіся каля 1 тысячы мужчын. 32 з іх расказалі, што Sequoia дапамагла ім выратаваць шлюб.

А як складваюцца адносіны з інвестарамі?

"У асноўным усе адгукаюцца пазітыўна — і мужчыны і жанчыны. Вядома, ёсць пытанне тэрміналогіі: як падаваць медыцынскую інфармацыю простай мовай. Над гэтым і працуюць нашы медыкі. Мы даследуем і літаратурныя крыніцы, каб пашырыць свой вакабуляр, каб падаваць інфармацыю максімальна карэктна", — кажа Галка.

Поўнае інтэрв'ю з Дзянісам Галкай глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.