Стала вядома, што было ў 31-й "дарожнай мапе" па інтэграцыі Беларусі і Расіі

Стала вядома, што было ў 31-й "дарожнай мапе" па інтэграцыі Беларусі і Расіі

Расія на перамовах пра паглыбленую інтэграцыю прапаноўвала Беларусі стварыць 12 наднацыянальных органаў, піша РБК са спасылкай на ўласныя крыінцы. 

У прыватнасці, прадугледжвалася стварыць адзіны эмісійны цэнтр (што азначае ўвядзенне адзінай валюты), падліковую палату і суд Саюзнай дзяржавы, мытню, орган па ўліку уласнасці Саюзнай дзяржавы, агульныя падатковы і антыманапольны органы,. Акрамя таго, прапаноўвалася стварыць адзіныя рэгулятары ў галінах транспарту, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сувязі, а таксама рэгулятар аб'яднаных рынкаў газу, нафты і электраэнергіі. 

Пры гэтым гаворка не ішла пра іх неадкладнае стварэнне — прапаноўвалася распрацаваць чарговыя "дарожныя мапы" па іх стварэнні. Акрамя таго, ішла гаворка аб распрацоўцы "дарожных мапаў" па сумеснай стратэгіі Беларусі і Расіі ў сферы абароны, стварэнні агульных банкаў даных праваахоўных органаў, уніфікацыі заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць праваахоўных структур і спецслужбаў.

Па звестках адной з крыніцаў РБК, на перамовах улетку-ўвосень 2019 года Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся не абмяркоўваць гэтую 31-ю "мапу", а заняцца іншымі 30. 

Дарэчы, Лукашэнка неаднаразова адмаўляў, што на перамовах пра паглыбленую інтэграцыю абмяркоўваецца стварэнне наднацыянальных органаў. 

Перамовы пра паглыбленую інтэграцыю на ўзроўні кіраўнікоў Беларусі і Расіі адбыліся напрыканцы 2019 года. У Мінску яны суправаджаліся актыўнымі вулічнымі пратэстамі апазіцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі