Спыталі настаўнікаў, як размаўляць з дзецьмі пра таталітарызм і гвалт

Пра што пытаюцца падлеткі? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пра што пытаюцца падлеткі? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы нярэдка задаёмся наіўнымі, амаль дзіцячымі пытаннямі — прыкладам, пытаемся ў сябе, як можна было дапусціць рэпрэсіі. Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да тых, хто адказвае на дзіцячыя пытанні штодня — да выкладчыкаў літаратуры.

Як размаўляць з дзецьмі пра рэпрэсіі і расстраляную літаратуру? Якія няпростыя пытанні задаюць падлеткі? Што іх увогуле турбуе і чаму, урэшце, кніжкі, якія мы чыталі ў школе, нікога не вучаць?

Настаўнікі расказалі, што рэпрэсіі — можа, і не галоўная тэма, якая займае падлеткаў. Сярод іншых пытанняў — хатні гвалт, віктымныя паводзіны дый проста ўласныя ўнутраныя катаклізмы. Без праходжання праз якія, можа, і не атрымаецца даваць правільныя адказы на больш глабальныя пытанні.

Як адказаць школьнікам на пытанне пра расстраляных паэтаў? Як абмеркаваць з імі ўзаемасувязь даўжыні спадніцы і гвалту? І што сказаць, калі ў цябе пытаюцца, ці будзем сёння на класнай гадзіне спяваць “Муры”?


Ганна Севярынец, настаўніца: “Калі б кніжкі нечаму вучылі людзей, не было б ані Гітлера, ані Сталіна, ані Акрэсціна”

— Я не магу сказаць, што дзеці альбо дзіцячыя пытанні асабліва змяніліся за апошні год. Прынамсі, на ўроках літаратуры мы рэдка абмяркоўваем паўсядзённасць: я не лічу правільным пераўтвараць канкрэтна свае ўрокі ў дыспуты вакол навін. Хутчэй, гэта задача грамадазнаўства, літаратура ж — пра агульнае, пра заканамернасці, пра чалавечы характар, пра асобу. Безумоўна, інструментамі з урокаў літаратуры дзеці будуць карыстацца, рэфлексуючы на паўсядзённыя тэмы, але дыскутаваць вакол вострых навін наўпрост у класе я не люблю — шмат каго можна параніць, зачапіць за сямейны боль, неасцярожна выказацца альбо справакаваць неасцярожную рэпліку аднакласніка.

Спросили учителей, как разговаривать с детьми о тоталитаризме и насилии
Ганна Севярынец / фота з сацсетак

Што ж да агульных тэмаў — таталітарных рэжымаў, дэмакратычных каштоўнасцяў, волі, асобы, чалавечых рашэнняў у цяжкіх сітуацыях, — пра гэта мы гутарым заўсёды, і раней, і цяпер, і я не магу сказаць, што гэта цяжкія гутаркі. Яны карысныя, дзеці даволі лёгка пра гэта разважаюць, бо самі яшчэ глядзяць на гэта звонку, а звонку прасцей.

Што ж да неадпаведнасці таго, чаму вучаць кніжкі, і таго, што дзеці бачаць навокал, — то на самых першых уроках мы заўсёды абмяркоўваем гэты знакаміты хрэстаматыйны парадокс, што кніжкі нібыта чамусьці вучаць. 

Калі яны чаму і вучаць — дык гэта толькі разбірацца ў чужой галаве, разумець, якім чынам і якімі сродкамі аўтар выказвае сваю пазіцыю і якім чынам мы можам яе аспрэчыць альбо падтрымаць. Калі б кніжкі нечаму вучылі людзей, не было б ані Гітлера, ані Сталіна, ані Акрэсціна.

Як расказваць дзецям пра рэпрэсіі? Сказаць па праўдзе, канкрэтнай методыкі я не маю. У кожным класе, у кожны год гэта будзе розная гутарка, да таго ж узнікнуць яна можа калі заўгодна, што на ўроках па Максіму Горкаму,  што на ўроках па Пушкіну, што, натуральна, на ўроках па беларускай літаратуры, якая ўся ёсць гісторыяй рэпрэсій. 

Расказваю як ёсць, прыношу дакументы, фотаздымкі — калі гэта старшыя класы. Гутарым аб гэтым у міфалагічных катэгорыях, праз казкі, праз міфы той жа Грэцыі — у малодшых, бо там трэба закласці агульнае непрыняцце гвалту і самадурства, для гэтых мэтаў добра падыходзяць казачныя і міфалагічныя структуры.

А ўвогуле, цяперашнія дзеці, прынамсі мае канкрэтныя вучні, жывуць збольшага ў сваім свеце. Ім па чатырнаццаць-пятнаццаць год, у іх каханне, самавызначэнне, самапрыняцце, у іх крыху іншыя цяпер маральныя праблемы і пакуты. Падлеткавы ўзрост — гэта час касмічных супрацьстаянняў, анталагічных пытанняў, унутраных катаклізмаў. Калі яны выйдуць з іх людзьмі — яны будуць і іншыя пытанні сучаснасці вырашаць правільна. Над гэтым і працуем.  
 

Лілія Гусарава, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры: ці звязаная спадніца з гвалтам

— Калі я выкладала ў беларускай школе, у шостым класе мы размаўлялі пра гвалт. І было пытанне пра тое, як выглядае ахвяра. Адзін хлопчык сказаў, што адзенне і гвалт звязаныя. То-бок калі ў дзяўчыны кароткая спадніца, то магчымасць гвалту ўзрастае. І было вельмі цяжка растлумачыць, што гэта не ўзаемазвязана. І што дзяўчына не павінна выбіраць адзенне зыходзячы з факту гвалта.

Спросили учителей, как разговаривать с детьми о тоталитаризме и насилии
Лілія Гусарава / фота з архіва суразмоўцы

Была спрэчка паміж некалькімі дзяўчаткамі і гэтым хлопцам. Такіх дзяўчат, якія лічылі, што ад даўжыні спадніцы залежыць, ці будзеш ты згвалтаваная, не было. Большасць удзелу ў спрэчцы не прымалі, назіралі за гэтым.

Яшчэ ў мяне пыталі пра ЛГБТК+, як я да гэтага стаўлюся. Ім было гэта цікава, здаецца, ім падавалася, што разумець гэтую тэму — модна. Адна дзяўчына мне прызналася ў каханні, яна адносіла сябе да ЛГБТК+. Але калі я чытала іх лісты да сябе ў будучыню, мне падалося, яны не надта разумеюць, што гэта такое. Мае калегі гэтых абмеркаванняў не разумелі, ім падавалася гэта дзікім.

Дзеці разумеюць, што я “змагарка”, яны дазвалялі сабе казаць “Жыве Беларусь!” на ўроках. Адна дзяўчынка нават прынесла падручнік, у якім расказвалася пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга. 

Мы і “Тры чарапахі” на занятках спявалі. Аднойчы пяцікласнік спытаў у мяне: а мы будзем на класнай гадзіне спяваць “Разбуры турмы муры”? І я разгубілася, не ведала, як на такое пытанне адказаць. Адна рэч — “Тры чарапахі”, а што адказаць на запыт пра “Муры”, я не ведала.
 

Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, ананімна: малодшым дзецям рэпрэсіі цікавейшыя, чем старэйшым

— На жаль, не магу сказаць, што дзеці задаюць мне шмат пытанняў пра расстраляную літаратуру.

Вось якраз сёння з 10 класам разглядалі тэму “Беларуская літаратура пачатку ХХ ст.”. Я спецыяльна закранула тэму сталінскіх рэпрэсій, але адваротнай сувязі не было. Дзеці проста моўчкі прынялі гэту інфармацыю.

Меншым дзецям, пяцікласнікам і сямікласнікам, я таксама расказвала пра гэта, праўда, раней яшчэ. Вось у іх рэакцыя была іншая: пыталіся, чаму, за што. Адказвала, што за любоў да Беларусі, яе традыцый, культуры, да мовы беларускай і ўвогуле за тое, што яны былі разумнымі і адукаванымі. Такімі людзьмі цяжэй кіраваць.

Я гаварыла дзецям, што ў савецкі перыяд 1930-х гадоў улада старалася зрабіць усіх сваіх грамадзян аднолькавымі, нягледзячы на тое, што ў яе [дзяржавы] склад уваходзіла многа іншых краін, кожная з якіх мела сваю культуру, традыцыі, мову. Таму тых, хто быў не згодны з такой палітыкай, прыбіралі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі